EXIST–M
28.03.2010
Гурт EXIST–M утвораны ў 2005 г. прыцярпеўшы пэўныя змены, на сённяшні момант, можна сказаць, з’яўляецца адным з самых незвычайных набыткаў метал-сцэны Беларусі. Асаблівую ўвагу прываблівае цяжкі і моцны вакал фронтвумен гурта – Насці Паламар.
Нагадаю , што гурт складаецца з трох чалавек:
Насці Паламар (НП) – вакал
Лёшы Ялоўскага (ЛЯ) – гітара
Лёшы Кузняцова (ЛК) – бас
Hryscia: Давайце адразу пачнем з таго, дзеля чаго вы іграеце і якую мэту праследуеце сваёй музыкай?
НП: Нясем у масы свае ідэі, якія выказваем у тэкстах. Першапачаткова гэта, канешана, было дзіцячым садам, цяпер жа ўжо хочацца, каб цябе пачулі, хочацца гастрольнай дзейнасці.
ЛЯ: Хочацца паездзіць па краіне. Нам падабаецца тое, што мы робім і хочам паказаць тое, што ўмеем.
Hryscia: Але ваша музыка даволі жорсткая, вось які пасыл вы накіроўваеце на слухача?
ЛК: Мы стараемся ў тэкстах заклікаць людзей да лепшага, у тым плане, каб яны задумваліся над сабой, над сваімі ўчынкамі, над сэнсам свайго жыцця. Жорсткасць музыкі яна ў тым і заключаецца, каб дастукацца да непрабудных мазгоў, каб прымусіць людзей варушыцца, звярнуць увагу на іх самыя далёкія куткі душы, якія вартыя таго, каб на іх звяртаць увагу.
Hryscia: На ваш погляд якой зараз стала публіка?
НП: Публіка зараз не прытрымліваецца нейкай пэўнай ідэі. Асноўная маса – зайграла адно – яна паслухала адно, зайграла другое – яна паслухала другое. Што модна, тое і слухаем.
ЛК: А ўвогуле публіка ўсякая бывае : ёсць публіка, якая ходзіць на металёвыя канцэрты, ёсць публіка, якая ходзіць на альтэрнатыўныя канцэрты, – і там і там крыху розныя людзі.
НП: Так, я кажу пра асноўную масу.
ЛЯ: Мы стараемся іграць для разнабаковай публікі, усяго па крыху ў песнях, каб не толькі адно пакаленне слухала.
Hryscia: Зараз пытанне, якое можа быць не зусім прыемным для вас. Першапачоткова ваш гурт быў большым па саставу – у вас было дзве вакалісткі, што паўплывала на змену ў саставе?
НП: Першапачаткова і па сутнасці гэтыя дзве вакалісткі і арганізавалі ўвесь гурт. А затым разыйшліся шляхі , вучоба і ўсё астатняе.
ЛЯ: Тым больш, што адносіны ў кагосці былі сур’ёзныя, а ў кагосьці не.
НП: Засталіся самыя стойкія.
Hryscia: А што тады паўплывала на змену ў вашым стылі?
НП: Узрост хутчэй за ўсё, нашы музычныя перавагі. Калі раней нават палова тэкстаў былі больш такімі плаксіва–суіцыдальнымі, складаны падлеткавы перыяд, то цяпер больш сур’ёзна, асэнсавана глядзіш на гэта ўсё, таму адпаведна і па– ншаму ўсё гучыць.
ЛЯ: Проста больш сур’ёзна ўзяліся за ўсё.
Hryscia: Тады зноў вернемся да саставу гурта – частая змена барабаншчыкаў. І зараз вы знаходзіцеся ў актыўным пошуку. Што вы чакаеце ад новага чалавека? Магчыма нейкія патрабаванні існуюць да яго?
НП: У першую чаргу хацелася, каб сам чалавек быў харошым, як бы гэта банальна не гучала. Бо з усімі папярэднімі былі праблемы менавіта ў адносінах. І зноў жа, хто што хацеў – хтосьці прыходзіў проста паіграць…
ЛЯ: А хтосьці не падыходзіў па стылю.
НП: Так, хтосьці не падыходзіў па стылю. Зараз нам патрэбны ў першую чаргу кампаньён.
ЛЯ: Харошы чалавек, сябра і каб дадаваў нас як адно цэлае.
ЛК: Таксама, каб быў адказным і ўсведамляючым.
ЛЯ: З музычнымі перавагамі як у нас. Але самае галоўнае, як сказала Насця – харошы чалавек.
НП: Канешна складана, калі калектыў ужо сыграны і спрацаваны, але мы не будзем нейкія строгія крытэрыі выстаўляць да яго ў плане адносін. Складана знайсці чалавека, які будзе блізкім табе па духу.
Hryscia: А хто з музыкантаў вас натхняе? Магчыма на вас хтосьці станоўча ўплывае?
ЛЯ: Харошы якасны метал.
Hryscia: Няма нейкага пэўнага калектыва?
НП: Не, не магу сказаць, што гэта нейкая пэўная каманда, якая прыносіць нам натхненне ў творчасці .
ЛЯ: Ад усіх харошых каманд па крыху.
НП: А калі казаць пра нейкія першапачатковыя перавагі, з чаго пачыналі: Серж Танкян – я была яго
вялікай фанаткай, Arch Enemy Анджэла Госсоу, з якой мяне перыядычна параўноўваюць, ну так, яна ўнесла вялікі ўклад у маё творчае развіццё.
Hryscia: Тады пытанне да Насці, калі б у будучым з’явілася магчымасць праспяваць песню дуэтам з кім – небудзь, то з кім бы ты хацела?
НП: з Rasta’й
Hryscia: А як ты сабе ўяўляеш гэта, абмалюй, калі ласка.
НП: Гэта будзе штосьці жорсткае. Праспяваць дуэтам… Я не хачу спяваць чыстым вакалам , раздзяляць вакальныя партыі ў плане – ён спявае жорсткае, а я не. Спяваць штосьці разам, каб гэта глядзелася і было сур’ёзным.
Hryscia: Ну вось хутка павінны прайсці фестываль “Women’s Fest”, гэта напэўна адзін з першых фестываляў, які звярнуў увагу менавіта на жанчын–музыкантаў, у першую чаргу на вакалістак. Што вы чакаеце ад гэтага фестывалю?
НП: Я сваім спевам хачу паказаць, што не толькі мужчыны так могуць і на самой справе нічога асаблівага тут няма, маўляў, а, жанчына, як жа ж, куды ж яна палезла. А што я чакаю ад яго? У першую чаргу для пачатку паказаць сябе. А калі казаць больш падрабязна, то па стылістыцы, якая там будзе, мы вельмі моцна выдзяляемся, таму цяжка штосьці прадказаць, якой будзе рэакцыя, вельмі шмат супярэчнасцяў і “але”.

Hryscia: Зноў пытанне да Насці, найбольшай жыццёвай нестабільнасцю адрозніваюцца гурты з жановым выкалам, у чым ты бачыш прычыну гэтага?
НП: Ну што тут сказаць. Я, па-першае, не сутыкалася з такой канкрэтнай праблемай. Неяк даводзілася чуць выказванне менавіта пра жаночы цяжкі, металёвы вакал, маўляў, куды яны лезуць, ім дзяцей нараджаць і ўвогуле дома сядзець. А я зноў жа паўтаруся, што мы нічым не горш. Мангчыма гэта нейкая дыскрымінацыя з боку мужчын, цяжка сказаць.
Hryscia: Ну вось, а табе як дзяўчыне не цяжка знаходзіцца ў пастаянных стасунках з хлопцамі?
НП: Па жыцці так склалася, што мне прасцей знаходзіць агульную мову з мужскім калектывам, чым з жаночым. Мне складаней у жаночым калектыве, як не сумна гэта прызнаваць, жанчыны яны такія гадзюкі.
Hryscia: Зараз вы распачалі такую больш–менш актыўную канцэртную дзейнасць, што публіцы чакаць ад вас? Магчыма вы рыхтуеце нейкія шоў на сваіх выступленнях?
ЛЯ: Для пачатку нам бы хацелася звыкнуцца са сцэнай, бо пакуль усё ж не дастаткова выступленняў, а там будзе бачна, хацелася б канешна нейкіх шоў.
НП: Не ведаю, наконт эпатажа і ўсяго астатняга, мы такія якія ёсць і хочацца паказаць гэта, што мы не надуманыя кімсьці. Канешна, на жаль, гэта фішка не часта праходзіць. Не трэба нейкага пафаса, каб даносіць свае ідэі, трэба быць сапраўднымі.
Hryscia: А ці ёсць у ваша гурта якія–небудзь рытуалы, абавязковыя рэчы перад выступленнямі?
НП: Пагрэць рукі (смяецца).
ЛЯ: Гітары настроілі – настроілі, ну, можна выходзіць.
ЛК: У нас як правіла: а, мы ўжо? Так усё, пабеглі – пабеглі… Не да рэтуалаў…
НП: Гэта залішне.
Hryscia: На жаль, для нашай краіны склалася не зусім спрыяльная сітуацыя – сітуацыя бесперспектыўнасці, вось вы, схіляецеся да якога–небудзь музычнага рынку, я маю на ўвазе СНД, еўрапейскі? Ці вы бачыце сябе толькі на Беларусі?
НП: У першую чаргу тут, а там як атрымаецца. Няма ў нас пакуль такіх грандыёзных планаў працаваць на нейкі рынак. Для пачатку гэта хаця б Беларусь.
Hryscia: А вы зараз не адсочваеце музычныя рынкі, якія тэндэнцыі дзе.
ЛК: У СНД нейкія тэндэнцыі… Усё неяк круціцца–верціцца па аднаму і таму ж кругу і неяк усё не радуе, даволі аднастайна і нікчэмна, часам неарыгінальна. Гэта ўсё адштурхоўвае. Замежнае бывае канешна цікавей паслухаць, але таксама незаўсёды. Апошнім часам я вельмі шмат музыкі бракую па розных прычынах.
Hryscia: А вас не пужая сітуацыя, што музыка ўсё больш сыходзіць у Internet? І які лёс чакае лічбавыя носьбіты?
НП: Калі ў плане прыбытку казаць, то ёсць канцэрты, выступленні. А чым дрэнна, Internet гэта не такая дрэнная рэч як здаецца.
ЛК: Нам яшчэ рана думаць пра тое, каб запрацоўваць грошы продажам дыскаў, калі мы зараз выдадзем дыск, то яго больш, чым пару соцень копій на дадзены момант і не купяць. Таму зараз разаслаць усё па Internet’у, каб людзі бясплатна паспампоўвалі , каб заявіць неяк пра сябе, якраз тое, што нам трэба. А што будзе пасля невядома.
НП: Гэта якраз такі і плюс хутчэй.
Hryscia: А як вы ставіцеся да праблемы пірацтва?
НП: На дадзены момант мы да гэтага ніяк не ставімся, бо калі казаць адносна нас – у нас няма альбома, які хтосьці тайком перапісвае і распаўсюджвае. А ў прынцыпе, на чым гэта можа адлюстроўвацца? На прыбытку? На твары каманды…
ЛЯ: Хтосьці любіць ліцэнзію, набыць ліцэнзійнае штосьці.
ЛК: Так, камусьці хочацца прыгожы дыск…
НП: Хто якую якасць выбірае…
ЛЯ: І гледзячы які прыхільнік каманды, калі ён проста вар’яцее ад каманды, то ён набудзе ліцэнзійны дыск.
НП: Мне падаецца гэта ўжо сыходзіць у небыццё.
ЛК: У той жа час ёсць музыкі, у якіх выходзяць ліцэнзійныя дыскі, а яны не супраць перапісаць каму – небудзь на флэшку.
ЛЯ: Тым больш гэта зараз лёгка і ў прынцыпе актуальна.
Hryscia: Пытанне датычыцца больш асабістага. Вы разам амаль 5 год, за гэты перыяд змянілася штосьці ў вас саміх, у вашых характарах, амбіцыях, прыярытэтах?
НП: Усё залежыла ад нашых пад’ёмаў і падзенняў, асабіста для мяне.
ЛЯ: Затое мы за гэтыя 5 год сталі камандай і сябрамі. Мы змяніліся ў лепшы бок. Калі мы сабраліся, адзін аднаго не ведалі і былі непаразуменні.
НП: Я магу сказаць так пра нашу тройцу, што як не дзіўна з самага пачатку стварэнне, вось менавіта гэтай тройцы, у нас заўсёды былі харошыя адносіны. Канешна, калі ты працуеш у калектыве, заўсёды ёсць нейкія непаразуменні…
ЛЯ: А калі ты не працуеш, а займаешся любімай справай і знаходзіш людзей, для якіх гэта таксама любімая справа, то яны адно цэлае.
НП: Так, я хацела гэта сказаць. А станаўленне адбылося ў плане разумення таго, што мы робім. Раней гэта было не так сур’ёзна, зараз, банальна ўзяць рэпетыцыі, калі раней адсоткаў 40 мы выходзілі паліць ці яшчэ што, то на дадзены момант у нас ніхто не паліць і не п’е, і амаль усе дзве гадзіны гэта бесперапыння ігра.
