2008.06.20 - Купальскае Кола

26.06.2008

Яшчэ са спрадвечных часоў нашы продкі сталі святкаваць Купалле. Гэтае свята цесна звязаны з гадавым цыклам, як і ўвесь традыцыйны светапогляд з гіпербарэйскімі вытокамі. Дзень летняга сонцастаяння азначае сабою апагей сілы Сонца, якое цёплымі промнямі даруе нам жыццё. Старажытнае паганскае свята зведала і змену эпох, і хрысціянскія ганенні, і росквіт саўка і постмадэрнізму. Нягледзячы на ўсё, у крыві невыкараняльна захоўваецца імкненне паліць вогнішчы, спяваць песні і шукаць папараць-кветку.
Апроч такой традыцыйнай формы, ужо другі год запар Купалле становіцца выдатнай падставай для таго, каб правесці фэст паганскай метал-музыкі – “Купальскае кола”. Сёлета на фэсце быў усяго адзін хэдлайнер, але затое які… Выдатны літоўскі гурт OBTEST ужо даўно карыстаецца заслужанай увагай у беларускай публікі, колькі слёзаў было праліта і выпушчана гнеўных стрэлаў, калі з-за нараджэння сына ў басіста група не змагла дабрацца да Менска. Гэтае непаразуменне было выпраўлена года два таму назад, але той канцэрт нельга назваць занадта ўдалым, паколькі гукавая каша сапсавала ўсю літоўскую маліну.
Так што, прыезд OBTEST ня мог не радаваць, да таго ж на фэсце можна было ацаніць і актуальны стан беларускай паганскай метал-сцэны.
Ізноў месцам правядзення стаў “Рэактар”, улюбёнае месца для менскіх металістаў. Можна колькі заўгодна наракаць на недахопы гуку або камфорту, але пры недахопе нармалёвых клубаў “Рэактар” па-ранейшаму застаецца практычна аптымальным месцам для такога роду канцэртаў. У гэты раз наведвальнікаў прыйшло не так ужо і шмат, у мінулае “Купальскае кола” клуб быў значна больш напоўнены публікай, але для прыемнага баўлення часу, не абцяжаранага таўханінай і ціскатнёй, усё ў гэты раз цалкам задавальняла.
За півам і цёплай гутаркай каля ўваходу неўзаметку падышоў час пачатку, і першым на сцэну выйшаў гурт NASOFERUS. Граюць яны ў некалькі незвычайным стылю, сумяшчаючы паганскую ідэалогію і патрыятычныя погляды з death metal уплывамі. Паколькі выступаюць NASOFERUS даволі часта, то ўжо паспелі добра засвяціцца перад менскай публікай, і практычна з самога пачаткі фэсту ў сцэны пачалося масавае бурленне, трасенне патламі і лозунгавыкліканне. Хоць музыкі адмысловых гор для гэтага не згортвалі, гралі ў звыклым для сябе духу.
Яшчэ больш жывой і насычанай стала атмасфера дзейства, калі сцэну акупавала брыгада літвінскіх троляў. Даволі ўдала сумяшчаючы звыклыя для метала і традыцыйныя этнічныя інструменты, гурт паспяхова займае нішу дзесьці прама пасяродку паміж экстрэмальнай і фальклорнай музыкай. І на гэтым месцы хлопцы пачуваюцца нядрэнна, іх забіяцкі настрой перадаўся гледачам, танцы і весялосць суправаджалі ўвесь выступ LITVINTROLL. Нават сам назоў фэста быў праінтэрпрэтаваны музыкамі са своеасаблівым гумарам, і “купальская кола”, запушчаная ў публіку, апынулася банальнай пластмасавай бутэлькай з імперыялістычным напоем “кока-кола”. Асабліва ўгарнай выйшла фінальная частка выступу групы, з “Купалінкай”, выкананай смачным гроўлінгам, націскной фолк-хардкор атакай “Пахне чабор” і несмяротнай класікай “Breaking the Law”, перайгранай на дудзе.
Афішу “Купальскага кола” упрыгожваў ганарлівы надпіс, якая сведчыў аб прэзентацыі трох новых альбомаў. Адна з гэтых прэзентацый і адбылася па далейшай праграме фэсту. Адмысловы госць канцэрту – гурт КАМАЕДЗІЦА – прадставіў свой новы альбом “Пяруне”, які выйшаў пару месяцаў таму назад, у дзень вясновага раўнадзенства (яшчэ адно найважнейшае свята паганскага каляндарнага цыклу). Паколькі ў гурта зараз праблемы з складам, то паўнавартаснага выступу мы не дачакаліся, затое пачулі праніклівую прамову Алега, з яркім акцэнтам на арыясофскіх пабудовах (“Вотан – гэта мы”).
Следам свой новы альбом прэзентаваў малады гомельскі гурт ДЗЯДЫ. Нікому дагэтуль не вядомая група раптам стрэліла ў апошні час, выпусціла свой альбом на маскоўскім лэйбле, і паспела нават прэзентаваць яго ў белакаменнай сталіцы. Не ведаю, ці ацаніла іх маскоўская публіка, але менскія гледачы даволі прахалодна ўспрынялі выступ гурта. Асабліва радавацца было і нечаму, кампазіцыі з дэбютнага альбома мала каму тут знаёмыя, успрымаць іх на слух было цяжка, тым больш, што нічога такога асоба пераканаўчага на дэбютніке ДЗЯДЫ і не адкапаеш. Знешні выгляд музыкаў таксама бянтэжыў відавочным дысанансам мешкавіны, якую напяліў на сябе вакаліст, і звычайнай “пацанскай” вопраткі ў басіста. Недахоп досведу адбіўся і на скаваных паводзінах на сцэне, так што пры ўсім сваім патэнцыяле, асабліва гомельскаму гурту выявіць яго і не атрымалася.
Затое ў каго не пераймаць досведу, дык гэта ў Алеся Таболіча, бессмяротнага вакаліста ЗНІЧ. За той час, што ён прысвяціў pagan metal, шматлікія юныя прыхільнікі яго таленту ўжо паспелі выгадавацца у мацёрых мужыкоў і абзавесціся нашчадствам. Праўда, і не скажаш, каб такая працяглая настойлівасць прынесла якія-небудзь фантастычныя вынікі. Але годныя кампазіцыі ў рэпертуары гурта ёсць – і тыя жа хітовыя “Крыве-Крывейтэ”, “Крыжы-абярэгі” і “Беларусь” ужо дзесяткі раз ставілі гледачоў на вушы. Хоць было бы смутна, калі бы мы слухалі ўсе тыя жа песні, і ЗНІЧ паднеслі прыемную неспадзеўку ў выглядзе некалькіх свежых кампазіцый. Асабліва запомнілася песня “Ярыла”, якой па ходзе наканавана стаць яшчэ адным дадаткам у “залаты фонд” гурта.
Гарачыя літоўскія хлопцы, нам добра знаёмыя пад шыльдай OBTEST, ладны час прысвяцілі наладцы гучання. Мабыць, навучыў горкі досвед папярэдняга канцэрту ў Менску. Але час гэты быў выдаткаваны не марна, і нарэшце можна было нацешыцца гэтай якаснай і энергічнай музыкай пры добрым гуку (хоць варта адзначыць, што і на папярэдніх групах гук у цэлым быў нядрэнны).
OBTEST таксама нядаўна выпусцілі новы альбом, “Дрэва Жыцця”, так прадставіў нам яго на рускай мове вакаліст. Гурт не змяняе сабе, аднойчы здабытаму стылю, усё гэтак жа лепіць магутныя паганскія гімны, якія так прыемна кладуцца на слух. На апошніх двух альбомах OBTEST усё больш прасочваюцца heavy metal элементы, але стрыжань музыкі застаецца ранейшым. Хоць на канцэрце заканамерны ўпор быў зроблены на новы матэрыял, знатакі старых рэчаў не маглі застацца незадаволенымі, паколькі найболей знакавыя кампазіцыі прагучалі. Верагодна, адпраўляючыся ў тур па Расіі, літоўскія музыкі вырашылі да гэтага падрыхтавацца, таму давялося пачуць і адмысловую песню на рускай мове – “Следуй за мной”.
Прафесійнае выкананне, якасны гук і напорысты паганскі метал – усе неабходныя інгрэдыенты былі сабраныя разам, таму публіка захоплена слэмілась і выдатна падтрымлівала музыкаў. Апагею выступ OBTEST дасягнуў пад “Auka Senems Dievams”, вакаліст у чадзе нават кінуўся са сцэны, і быў падтрыманы рукамі ўдзячных гледачоў.
На такой гучнай ноце фэст завяршыўся, і гэтым разам ён атрымаўся на славу. Атрымалася добрая прелюдыя да чароўнай купальскай ночы…

triath

Фотографии:
Купальское Коло



Оставить комментарий

Имя: E-mail: Сайт:

Сообщение: