Industrial Madness Project - Industrial/Gothic/Electro PromoGroup Abandoned Legacy - Заброшенное Наследие

R.I.P. 31.10.2005. - 31.10.2010.

2010.05.19 - Дударскі фэст X

12.06.2010

Вядучы размову аб дудзе, можна заўважць, што ў тутэйшай Традыцыі яна зьяўляецца ня проста музычным інструмэнтам, а адным з найважнейшых складнікаў беларускай культуры. І таму толькі станоўчых адзнак заслугоўвае працэс адраджэньня дударскага мастацтва, што назіраецца ў апошнія дзесяцігодзьдзі. Значным складнікам гэтага працэсу зьяўляецца папулярызацыя дуды ў шырокіх колах грамадзтва, незаангажаваных у вывучэньні ці аднаўленьні архаічных формаў мастацтва. Было б карысна, каб дуда ў рэшце рэшт трывала ўвайшла ў спэктар сёньняшняй культуры, зрабілася ў масавай сьвядомасьці адным з сымбаляў Беларусі. Ну, ці каб, прынамьсі, для пачатку, некаторыя дзеячы мастацтва не называлі “самым беларускім народным інструмэнтам” цымбалы…
Менавіта ў накірунку папулярызацыі дударскага майстэрства дзейнічаюць ініцыятары правядзеньня “Дударскага фэсту”, чарговая частка якога адбылася на адкрытай пляцоўцы сталічнага парку Чалюскінцаў 19 траўня. Ці тое нязвыкласьць мейсца правядзеньня, ці тое звыкласьць складу ўдзельнікаў абярнулася ў выніку ня надта багатай колькасьцю наведвальнікаў мерапрыемства. Аднак, гэта мела й свой плюс – ўсім разам было як схавацца пад навес у цэнтры пляцоўкі, бо пачатак фэсту адзначыўся відавочным чаканьнем на дождж, які пагражаў прадэманстраваць прысутным хібы адкрытых пляцовак.
Сам фэст, паводле задумы арганізатараў, складаўся з дзьвюх частак – акрамя звыклых для такіх канцэртаў гуртоў і выканаўцаў, што граюць народную і сярэднявечную музыку, дадалася яшчэ абойма рознага кшталту рок-брыгадаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасьці дуду. Своеасаблівым гэдляйнэрам першай часткі выступаў гурт СТАРЫ ОЛЬСА, “гітарную” палову мусілі завершыць выступы ZNICH i LITVINTROLL. Ну, але пра ўсё па чарзе…
Распачаў фэст дудар Алесь Жура, які прадэманстраваў самае што ня ёсьць клясычную й традыцыйную манэру граньня на дудзе. На вялікі жаль, я хвілін на дзесяць спазьніўся і пасьпеў пачуць толькі фінальную частку выступу, аднак, затое, ідучы праз парк, меў мажлівасьць паназіраць за рэакцый выпадковай публікі на гукі нязвыклай для большасьці нашых сучасьнікаў музыкі, якія можна было пачуць яшчэ здалёк ад мейсца канцэрту.
Гурт РАСАЛІЯ, які выйшаў на сцэну наступным, хоць і грае сярэднявечную музыку, аднак у пэўынх аспэктах дударскай традыцыі не адпавядае, на што, ўласна, зьвярнуў увагу лідар СТАРОГА ОЛЬСЫ Зьміцер Сасноўскі, які вёў канцэрт. Справа ў тым, што гурт гэты цалкам дзявочы, а ў тутэйшай традыцыі дуда зьяўляецца выключна, так бы мовіць, “мужчынскім” інструмэнтам. І, мабыць, зважаючы на такі непарадак, як дуда ў жаочых руках, Нябёсы вырашылі ўсё ж крыху падмачыць дожджыкам мерапрыемства. Што цікава, наколькі я памятаю, пасьля сэту РАСАЛІІ дождж як скончыўся, так больш і не пачынаўся. Можа й праўда ня варта дазваляць жанчынам граць на дудзе? :-)
РАСАЛІЯ прадставіла сваю звычайную праграму, складзеную зь сярэднявечных ды барочных рэчаў. Граюць дзяўчыты, як на мой капыл, дык, у прынцыпе, ня блага, хаця, маю падазрэньні, што знаўцы музыкі Сярэдянвечча ды Раньняга Новага часу маглі б даволі добра гэты праект раскрытыкаваць. У выступе прагучала, як звычайна, і “фірмовая фішка” РАСАЛІІ, кавэр на знакамітую “How much is the fish?”, якая, чамусьці, у вэрсыі гурта завецца проста “Scooter”.
Дзяўчат зьмяніў гурт TESTAMENTUM TERRAE, прадэманстраваўшы набор кампазыцыяў вясёла-мэдывальнага характару. Нічога асаблівага сказаць быццам бы нельга, гурт стандартны для такога стылю. Арыгінальныя старажытныя рэчы перамежаваныя ў творчасьці з уласнымі стылізацыямі, даволі неблагімі, дарэчы, так, прынамьсі, падалося мне, як прыхільніку крыху іншых формаў выкананьня архаічнай музыкі. Агулам, было б добра, каб гурты такога кшталту занялі ў масавай культуры мейсца розных “афіцыйных” псэўда-фальклёрных ансамбляў “а-ля БССР” – у “тэстамэнтумаў” і іх калегаў няма, прынамьсі, такоё адкрытай халтуры й яны не нясуць шкоду народнай культуры падменай яе на сурагат.
Як я ўжо казаў, завершыла першую частку канцэрту выступленьне гута СТАРЫ ОЛЬСА, найвядомешай і, бадай што, найцікавейшай каманды, зь ліку тых, што граюць сярэднявечную, рэнэсансную ды барочную музыку. Сэт “ольсаў” сапраўды парадаваў – прагучалі як арыгінальныя старажытныя кампазыцыі, так і шэраг добра вядомых песень, такіх як “Ліцьвін” ды беларуская вэрсыя сярэдявечнай песенькі “Ў карчме”. Шчыра кажучы, мне падаецца, што апошняя няблага прагучала б у лацінскім арыгінале, разы ў два-тры даўжэйшым па тэксьце, да манэры выкананьня гурта вельмі б пасавала. Агулам жа, выступ СТАРОГА ОЛЬСЫ, прыватна мне, а здаецца, што й ня толькі мне, спадабаўся найбольш з усіх гуртоў фэсту. Варта адзначыць яшчэ й працу Зьмітра Сасноўскага, які, як я ўжо адзнчаў, выконваў абавязкі па вядзеньні мерапрыемства, ня толькі прадстаўляючы гурты, але й насамрэч прыцягваючы ўвагу прысутных у перапынках між выступамі. Больш за тое, у гэты вечар адразу некалькі выступоўцаў мелі праблемы з наладкай, і Зьмітру давялося закрываць сваёй асобай прамежкі часу.
Перш чым перайсьці да апісаньня другой часткі фэсту, засталося толькі пашкадаваць, што на сцэне так і не зьявіўся заяўлены ў афішы гурт КЕЙЛІ КЁЛ – іхняя вэрсыя ірляндзкага фальклёру падыйшла б на гэытм мерапрыемтсве нашмат болей, чым некаторыя з наўных камандаў.
Адчыніла рок-н-рольна-мэталёвую палову другое зьяўленьне народу гурта TESTAMENTUM TERRAE, які прадэманстраваў больш “мадэрнізаваную” вэрсыю сваёй музыкі з ужываньнем сучасных інструмэнтаў. Такога кшталту фольк- ці мэдывал-мэтал стала ўжо атабарыўся на нашай сцэне, аднак, штосьці цікавае ў ім зьяўляецца надзвычай рэдка. TESTAMENTUM TERRAE, на маю думку, выключэньнем не зьяўляюцца – гэта, хутчэй, той выпадак, калі трэнд і стандарт на карысьць ня йдуць. Першая частка выступу гурта гучала неяк болей натуральна й ўспрыймалася нашмат больш станоўча.
Але я быў бы няправы, крытыкуючы “тэстамэнтаў”, бо ўсё, як тое кажуць, пазнаецца ў параўнаньні. Параўнаньне было з гуртамі КАШЛАТЫ ВОХ і ЎНІЯ.
КАШЛАТЫ ВОХ. Быццам бы “псыхадэлік-фольк”, так, прынамьсі, самі музыкі вызначаюць свой стыль. У рэчаіснасьці – нейкі адмарожаны панк з дудой. Напачатку гэта глядзіцца, як мінімум, арыгінальна, але потым гэнае крыўляньне на сцэне пачынае напружваць. Хлопцы выдаюць зь сябе гэтакіх блазнаў, але па-першае, блазнамі сёньня нікога не зьдзівіць на нашай сцэне, а па-другое, неяк ня верыцца іхняй напускной звар’яцеласьці. Мне гурт запомніўся беларускамоўным кавэрам на нэўрадзюбэлеўскую рэч “Машыны”, аднак, акрамя вядомасьці песьні, у кавэры мусіць прысутнічаць яшчэ штосьці, нейкая яскарка. Яе не было. Я ніколі ня бачыў НЭЎРА ДЗЮБЭЛЬ на сцэне, прынамьсі, жыўцом, а не на запісе, аднак, маю падазрэньне, што вось гэтая канкрэтная кампазыцыя ў арыгінале прагучала б лепш, неяк больш натуральна. Да вар’яцтва Кулінковіча і кампаніі хлопцы з КАШЛАТАГА ВОХУ яўна не дацягваюць.
Ну, пра ЎНІЮ казаць асабліва, мабыць, ня трэба – гурт неаднаразова сьвяціўся на сцэне ў рамках розных фолькавых і каля-фолькавых мерапрыемстваў. Адным словам – хто жадае, той пабачыць і пачуе, і складзе сваё, магчыма, адрознае ад майго, меркаваньне. Але я, калі бачу УНІЮ на сцэне, чамусьці заўсёды прыгадваю выказваньне лінгвіста і гісторыка “гумарыста” ЗадОрнава, аднекуль з пачатку 90-х: “Камсамол. Горшай абразы прыдумаць немагчыма”. Разьвясёленькі такі, танцавальненькі фальклёрчык сумешчаны зь ня надта цяжкім рок-н-рольчыкам. Нешта кшталу песень УНІІ, у прынцыпе, можа стварыць і ансамбаль СЯБРЫ, ну, троху лягчэйшае атрымецца, канешне, але…
А вось зараз мы падыходзім да самага цікавага. Калі УНІЯ скончыла свой выступ, на гадзіньніку было ўжо амаль 20:00. Канцэрт плянаваўся да дзесяці, а заставаліся яшчэ два гурты, і, пры ўсім пры тым, гурты не маладыя, не разагрэў, а кагбэ гэдляйнэры… Я скэптычна стаўляюся да творчасьці і “зьнічоў” і “троляў”, але ў той жа час упэўнены, што паўгадзіны на выступ+адладка – замала і для адной і для другой каманды. Але на практыцы атрымалася шчэ цікавей – аказалася, што праводзіць канцэрт па нейкіх там нормах нельга пазьней за палову на дзясятую. То бок, на сэты дзьвюх камандаў засталося агулам паўгадзіны. Магчыма, у кагосьці можа быць іншая візія тых падзеяў, я ж мушу распавесьці толькі тое, што бачыў.
LITVINTROLL выйшлі на сцэну, адладзіліся, пачалі граць. Выканаць пасьпелі песьні тры, калі, дзесьці ў 20:20, былі “папрошаныя” арганізатарам са сцэны. Наколькі мне вядома, гурт ZNICH выступаць ужо ў прынцыпе не зьбіраўся, таму як і пры якіх абстаінах было прынятае рашэньне спыніць выступ “троляў” і вывесьці на сцэну “зьнічоў” на апошнія 10 хвілінаў, мне не вядома. Не вядома таксама, хто прыняў такое рашэньне. Хаця, здагадкі, зразумела, ёсьць. ZNICH выйшлі, за хвіліну наладзіліся, выканалі песьню “Мроя”, кліп на якую зьявіўся напярэдадні фэсту – падчас гэтай кампазыцыі мусіла адбывацца невялікае фаэр-шоў, аднак, зь нейкіх прычынаў, падазраю, што згодна з “тэхнікай бясьпекі”, замест вагню дзяўчаты паабапал сцэны круцілі ў паветры нейкія ліхтарыкі. Пасьля прагучала яшчэ адна ці дзьве кампазыцыі, і канцэрт быў скончаны звычайным фіналам: “Іван Адольфавіч, вырубай рубільнік!” (с).
Лаяцца ды шукаць вінаватых можна доўга. Аднак, на маю думку тут меў мейсца відавочны палік арганізатараў. У чарговы раз можна было ўпэўніцца, што Супрановіч – гэта ня прозьвішча, гэта дыягназ. За столькі год і за такую колькасьць праведзеных перапрыестваў можна было ўжо атрымаць сякі-такі досьвед, як у пляне таго, што канцэрты нярэдка даводзіцца зварочваць раней заплянаванага часу праз дзеяньні адміністрацыі пяцоўкі, або, як у дадзеным выпадку – міліцыі, так і ў тым, што тычыцца колькасьці выступўцаў. “Дударскі фэст” мусіў цягнуцца чатыры гадзіны і дзевяць сэтаў на ім – відавочны перабор. Нашым арганізатарам, БМА у прыватнасьці, даўно ўжо час пачаць вучыцца паважаць і музыкаў і слухачоў. Апошнія, дарэчы, ня проста так на канцэрты ходзяць, а плоцяць грошы, і, калі анічога іншага не дапамагае, магчыма варта было б сталічным прыхільнікам і –фальколёрна-сярэднявечнай і рок- ды мэтал-музыкі задумацца аб тым, каб паўзьдзейнічаць на сытуацыю, што называецца, рублём.

Lutavit



Оставить комментарий

Имя: E-mail: Сайт:

Сообщение: