Kryvakry? - Malitvy Vajny (2008)
29.05.2009
Crivia records
12 tks/45 mins
Tracklist:
1. З прошчы
2. Воінства
3. Крыўю ўслаўляйма
4. Рагнарадзі
5. Драбы
6. Масква
7. Над пясчанай ракой
8. Вайна
9. Племя Дзвіны
10. Белы Легіён
11. Великая Литва
12. Белы Легіён (дуды)
Крыўю ўслаўляйма! Крыўю услаўляюць
Бог і дундар, што пяюць у Раі.
Лёсам даўгім нам шчодрыцца Лайма,
Долю багатую Зьмей нам скраіў!
Праект “Крывакрыж” далёкі ад мэтал-музыкі. Далёкі ад большасьці стыляў, якім прысьвечаны партал MetalFront.org. Тады навошта тут рэцэнзыя на музыку гэтага праекту? Па-першае, таму, што, як падказвае мне інтуіцыя, сярод чытачоў MF нямала знойдзецца тых, каму альбом “Малітвы Вайны” прыйдзецца даспадобы. Па-другое, таму, што калі ў якасьці крытэру ацэнкі музыкі браць яе экстрэмальнасьць, то па многіх паказьніках “Крывакрыж” дасьць фору шмат якім патлатым хлопцам зь нізкімі гітарамі.
“Крывакрыж” – экстрэмальны, бо ён першы. Першы на тым шляху, які даўно ўжо разгарнуўся перад айчыннай сцэнай, але ані ў кога, пакуль не хапала сьмеласьці або таленту рушыць па ім. Я кажу пра стварэньне ідэйнай патрыятычнай музыкі. Можна лічыць, таго ж Іосіфа Кабзона сто разоў папсой, але песьні, якія ён сьпяваў сталі сымбалямі некалькіх пакаленьняў, нават сёньня, слухаючы ўвесь гэты камуністычны патас, міжволі разумееш, што мурашкі паўзуць па сьпіне ад радкоў, кшталту: “Неба утреннего стяг! В жизни важен первый шаг!/ Слышишь, реют над страною вихри яростных атак?!” А што нашыя? Афіцыйная сцэна нараджае блюзьнерскія трызьненьні пра бульбу ды аграгарадкі, самым патрыятычным будзе прасьпяваць нешта пра партызанаў. Так званая “незалежная” сцэна? Узровень, як сэнсавы, так і моўны, тэкстаў патрыятычнай тэматыкі, за асобнымі выключэньнямі, лепш за ўсё дэманструе гурт “Куклы”: “Я люблю сваю страну, і ня знаю пачаму”.
Лідэр “Крывакрыжа”, Алесь Мікус, зрабіў надзвычай важны першы крок па гэтай амаль няторанай яшчэ дарозе. І крок удаўся: маршавая рытмічная музыка, спалучэньне раялю, трубаў, скрыпкі, моцнага голасу самога пана Алеся, захопліваюць ад першай сэкунды, і не адпускаюць да канца альбому. Адзінае, на што потым здатны арганізм слухача – дацягнуцца да кнопкі “Прайграваньне” каб шчэ раз яе націснуць.
“Крывакрыж” – экстрэмальны, бо… экстрэмальны. Ідэйна. Сэнсава. Сутнасна. Вы ня знойдзеце тут “наездаў” на “крывавы рэжым” – гэта да энэрэмаў, калі ласка. “Крывакрыж” – ня музыка прыгнечаных, ня музыка рэвалюцыянэраў. Гэта музыка пераможцаў, тузін песьняў, што маглі б гучаць над харугвамі Вялікага Княства стагодзьдзі гэтак ў XVI – XVII, але прыдатныя яны будуць і для будучага крыўскага войска. Так, аўтары праекту маюць і прапагандуць даволі спрэчную ў варунках сёньняшняй Беларусі ідэалёгію, кідаюць, здавалася б, неажыцьцявімыя заклікі. Але, як казаў у свой час адзін з маёх выкладчыкаў: “Няўжо вы думаеце, што сёньняшнія межы назаўжды застануцца нязьменнымі?”
Можна крытыкаваць “Крывакрыж” за залішні патас. Але, як у такой музыцы бяз патасу? Ён ёсьць, яго шмат. І гэты патас жахлівы, таталітарны. Само гучаньне гэтай музыкі будзе выклікаць бурную рэакцыю многіх людзей, яшчэ да таго, як яны пазнаёмяцца з тэкстамі. Але гэты патас і зачароўвае, зацягвае. Паспрабуйце паслухаць “Малітвы Вайны” ў плэеры, ідучы па вуліцы – вы самі не заўважыце, як пачнеце ісьці ў такт чарговага крыўскага маршу.
Як ужо адзначалася, на альбоме дванаццаць песень. Яны насычаныя вобразамі і тэмамі вайны, архаічнымі паганскімі матывамі ў лірыцы, прасякнутай ідэямі Традыцыі, адраджэньня духоўнай радзімы нашага народу – Крыўі, і яго імпэрыі – Вялікай Літвы. Сярод іх – кампазыцыя “Рагнарадзі” на верш Уладзімера Караткевіча, “Масква” ды “Над пяшчанай ракой”, якім наканаваная скандальная будучыня, два варыянты гімну “Белы Легіён” (у стварэньні “дударскай” вэрсыі браў удзел лідэр “Старога Ольсы” Зьміцер Сасноўскі)… Дарэчы, што я там казаў пра скандальнасьць песень? Вы думаеце сьпяваць пра “пажар над Масквой” – гэта скандальна? Вы яшчэ ня чулі “Великой Литвы”! Так, песьня выконваецца па-расейску, і не здарма: гэта заклік, а заклік мусіць быць зразумелы. І вось на незабыўны матыў сталінскіх часоў “Если завтра война…” гучаць такія словы:
Пусть бушует Двина, разъяряется Днепр,
И навечно Московия сгинет!
Мы приветствуем вас, о, родная нам Тверь,
О, Смоленск, братний нам и поныне!
“Крывакрыж” такі, які ёсьць. Шмат каму ён не спадабаецца, многія ўжо прылічылі гэты праект да ліку самых улюбёных. Галоўнае, што ён не пакідае абыякавых. А значыцца, будзе розгалас, на які і арыентуюцца аўтары, яшчэ раз гучна прамаўляючы: “Pro Patria! Pro Crivia!”
Lutavit 10/10
“Але, як у такой музыцы бяз патасу?”
Усё ж ваяўнічая музыка можа быць бяз патасу. Кабзон і Крывакрыж – прапагандысцкая музыка, створаная людзьмі, якія не былі на фронце і ня біліся насьмерць. Кажуць, чым бліжэй да лініі агню, тым менш патасу ў паводзінах ваяра, тым менш “прыгажосьці” й “размашыстасьці”. Чым бліжэй да лініі агню, тым больш ваяр падобны да бамжа, да загнанага ў кут пацука, да кулі, у якой няма нічога лішняга і пантовага, а ёсць толькі адзіная задача, адзіная мэта.
І таму куды больш блізкай да сапраўднай вайны будуць, скажам, некаторыя песні Darkthrone, – тыя, у якіх праведзена татальная “фенаменалагічная рэдукцыя”. Менавіта Дарктрон – а таксама розны хардкор і трэш – гэта тое, як гучала б музыка спартанцаў ці дарыйцаў…
2Napalm Death
Вайна, якая з Чалавека робіць пацука, з‘явілася толькі ў 20 ст. у эпоху Сталі, калі з‘явіліся новыя каштоўнасці, новы светагляд і ідэалогіі. Вайна перестала быць справай высокародных, а ператварылася ў прагматычную лаўку мясніка. Толькі стаўшы пацуком салдат (а не ваяр) мог схавацца ад кулі, газу і інш.
Але ўспомні хаця б 19 ст. Калі шэрагі стаялі насупраць і пад бадзёры спеў флейты і барабана людзі стралялі адзін у аднаго. Яны не хаваліся, як пацукі. У часы, калі вайна была справай арыстакратыі не было патрэбы хавацца ад вайны. Былі іншыя каштоўнасці і светагляд. Таму спартанцы і дарыйцы не маглі б ваяваць пад Дарктрон ці хардкор з трэшам, а абралі б толькі КРЫВАКРЫЖ. Крывакрыж абуджае той традыцыйны высокародны баявы Дух,які патрэбен не толькі на вайне, але і ў мірным жыцці, каб быць годным Чалавекам і жыць на сваёй вольнай Зямлі.
Зміцер,
наконт эпохі сталі і прагматычнасці згодзен. Дапусцім, што так і было.
Але, кажучы пра пацука, я кажу не пра хованкі, а пра настроенасць на бойку. Калі трэба дасягнуць мэты, то павінен адпасці ўсялякі тэатр і патас. Калі ты не ведаеш, то спытай у інструктараў па адзінаборствах: добры ваяр павінен умець уваходзіць у баявы транс, г.зн. наогул адключаць арыстоцелеўска-лагічны ўзровень свядомасці і выводзіць на паверхню жывёльнасць, аўтаматычныя дзеянні. Так біліся берсеркеры. Таксама табе скажуць, што лепшы баявы прыём той, які прасцейшы, у якім няма прыгажосці, понту і лішніх рухаў.
Спартанцы не абралі б Крывакрыж ужо таму, што ён не ва ўсім адпавядае старажытнаму ідэалу мужнасці з такімі рысамі як стрыманасць, сціпласць, суворасць, і, галоўнае, не адпавядае прынцыпу “быць, а не рабіць выгляд”. Хто кідае панты, той не круты.
Але ёсць больш сур‘ёзная падстава лічыць, што Крывакрыж далёкі ад старажытнай баявой музыкі. Такой музыкі, як КрКр, у часы Спарты проста не існавала. Гэта больш позняя, сучасная акордавая музыка: яна ўлучае акампанемент з шэрагу акордаў/басовых нот. Архаічныя кампазіцыі маюць АДНУ (часам дзве) басовую ноту. Яны прынцыпова іншыя. Калі ты паслухаеш дударскі рэпертуар ці паганскія абрадавыя спевы, то, можа, пачуеш гэтае адрозненне. Сама канструкцыя дуды гэта прадугледжвае – у ёй нельга перайсці на іншую басовую ноту, бо нельга пераладзіць бурдон.
Трэба дадаць, што большасць з тых традыцыйных беларускіх паходных песень, што мне вядомыя, таксама маюць старажытную неакордавую будову.
Недзе чуў выказванне нейкага музыколага, што “акорды забілі музыку”.
Дык вось яшчэ што цікава: Darkthrone, Slayer і падобныя ў асноўным граюць якраз неакордавую музыку. Яны граюць паўторныя рыфы на адной-дзвюх басовых нотах – музыку, аналагічную архаічнай.
І ёсць яшчэ адна фішка – але гэта лепш праз email ці ўжывую…
2 Napalm Death
Слушна. Але калі мы кажам, што такой музыкі як КрКр у часы Спарыт не было, то абавязкова трэб дадаць, што і метала не было;)
Крывакрыж – гэта не старажытная баявая музыка, не пераасэнсаваны фольк. Гэта цалкам мадэрнавы музычны праэкт, які нясе пэўныя ідэі ў масы і закладвае фундамент іншага стылю і эстэтыкі. Трэба пагадзіцца, што КрКр нясе прынцыпова новую для Беларусі ідэю праз музыку. Да Алеся ніхто такога не асмельваўся выказаць. А калі гварока зайшла пра вайсковыя спевы, то зразумела, што на фронце адна, а на парадзе іншая.
ЗЫ. Пра дударскі рэпертуар няблага ведаю, бо сам пачынаючы дуднік.
“то абавязкова трэб дадаць, што і метала не было”
Ну ты як быццам не зразумеў. Я нж е кажу, што метал тады быў. Я кажу, што метал паводле выкарыстання нот (не гукаў, не інструментаў) блізкі да архаічнай музыкі.
паправачка:
“я ж не кажу, што метал тады быў”
>>Дык вось яшчэ што цікава: Darkthrone, Slayer і падобныя ў асноўным граюць якраз неакордавую музыку. Яны граюць паўторныя рыфы на адной-дзвюх басовых нотах – музыку, аналагічную архаічнай.>>
Ну дык зрабіце археометал, калі з тэорыяй усё так добра :)) Праўда, мне здаецца, што апрача Вас і Вашых сяброў яго будуць слухаць хіба які тузін людцаў ;))
Язджайма лепш да Puff Daddy: запішам альбом археарэпу, во тады ўжо дакладна будзе ўся моладзь слухаць. ;)
Дык і рэп ня ўсё слухаюць) Трэба Ярмоленку далучаць)))
